УФІ́МСКАЯ ДЫРЭКТО́РЫЯ, Часовы ўсерасійскі ўрад,
антыбальшавіцкі орган улады ў Расіі ў 1918 у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі. Створана 23.9.1918 у падкантрольным чэхаславацкім (гл. Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918) і белагвардзейскім войскам г. Уфа т.зв. Дзярж. нарадай (прадстаўнікі Камітэта членаў Устаноўчага сходу, Часовага сібірскага ўрада і інш. рэгіянальных урадаў); у кастр. 1918 пад націскам Чырв. Арміі пераехала ў г. Омск. Старшыня — правы эсэр М.Дз.Аўксенцьеў. У.д. спрабавала арганізаваць узбр. барацьбу супраць бальшавікоў і ўстанавіць сваю ўладу на тэр. Урала і Сібіры, планавала ў лют. 1919 зноў сабраць выбраны ў 1917 і разагнаны бальшавікамі Устаноўчы сход. 18.11.1918 адм. А.В.Калчак з дапамогай манархічна настроеных вайскоўцаў скінуў У.д. і абвясціў сябе вярх. правіцелем Расіі.
Літ.:
Гармиза В.В. Крушение эсеровских правительств. М., 1970;
Ларьков Н.С. Начало гражданской войны в Сибири: Армия и борьба за власть. Томск, 1995.
т. 16, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)